€ 20.00
Схаваная перспектыва
Скрытая перспектива
«Схаваная перспектыва» – гэта кніга ўспамінаў пра Другую сусветную вайну: надзвычай шчырая, займальная і страшная. Выконваючы заказы для розных выданняў, Капа паглядзеў на Другую сусветную з розных бакоў: ён здымаў у Англіі, Паўночнай Афрыцы, Італіі, Францыі і Германіі. Як толькі з'явіліся яго кадры з месца падзей, яны імгненна абляцелі першыя старонкі ўсіх амерыканскіх газет. Фотаздымкі былі настолькі добрыя, што афіцыйная прапаганда запатрабавала друкаваць іх ва ўсіх выданнях без абмежаванняў. Таму амерыканскае агенцтва, на якое Капа працаваў, было вымушана звольніць яго. Гэты фатограф-авантурыст, які быў занадта добры, каб яго браць на працу, доўгі час фактычна нелегальна працягваў знаходзіцца ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў і рабіць лепшыя рэпартажы з фронту.
Апісаўшы сваё ваеннае жыццё, Капа стварыў кнігу, якую без перабольшання можна назваць прыгодніцкай. Па колькасці шчаслівых выпадковасцяў, неверагодных супадзенняў, каларытных персанажаў і маштабу дзеяння яна можа паспаборнічаць з лепшымі ўзорамі мастацкай літаратуры. Але Капа быў прыроджаным дакументалістам, што не магло не выявіцца і ў яго літаратурнай творчасці.
Кульмінацыяй апавядання становіцца расказ пра высадку саюзніцкага дэсанта ў Нармандыі. Напружанню апавядання адпавядае напружанне, выяўленае ў зробленых тады ж здымках: невыразныя, злёгку не ў фокусе, фотаздымкі падкупляюць сваёй рэалістычнасцю або, хутчэй, аўтэнтычнасцю. Яны прымушаюць здрыгануцца ад усведамлення таго, што і сам фатограф быў там, гэтым шэрым ранкам, у гэтай ледзяной вадзе, і падвяргаўся смяротнай небяспецы нароўні з захопленымі салдатамі, але, у адрозненне ад дзясяткаў з іх, выжыў.
Беларускі чытач, несумненна, будзе здзіўлены і шакаваны: для Капы ў ходзе Другой сусветнай вайны становяцца найбольш значнымі зусім не тыя падзеі, якія мы прывыклі лічыць ключавымі. Тут няма ні слова ні пра Сталінград, ні пра Курскую Дугу, ні пра ўзяцце рускімі Берліна. Затое ёсць расказ пра вайну на тэрыторыі Вялікабрытаніі, Алжыра, Італіі, ёсць лікуючая песня вызваленню Парыжа.
Апавяданне Капы – гэта, па сутнасці, віртуознае журналісцкае эсэ, выдатны прыклад таго, як у даступнай форме можна з аднаго боку перадаць увесь жах, веліч і значнасць гістарычных падзей, а з другога – выкарыстоўваць гістарычны матэрыял як аснову для аналізу чалавечай прыроды. У журналісцкі канон гэты тэкст упісваецца яшчэ і таму, што яго па праву можна лічыць эталонам рэпартажнай аб'ектыўнасці. Не дазваляючы сабе ўпадаць у крайнасці пры апісанні страшнага і прыгожага, фатаграфічна транслюючы чытачу факты, Капа тым самым робіць страшнае яшчэ страшнейшым, а прыгожае – яшчэ прыгажэйшым.
Аб'ектыўнасць Капы – гэта аб'ектыўнасць, мера якой – шчырасць у адносінах да сябе, да навакольных, да нашчадкаў. Роберт Капа катэгарычна не прымае любое крывадушша і ўсімі сіламі выкараняе яго з навакольнай рэчаіснасці, не дапускаючы яго ў сваё апавяданне.